Малюся за цябе беларусь песня текст

Обновлено: 22.12.2024

Мае дарагія сябры, любая моладзь Беларусі, браты і сёстры ў Хрысце Пану і праз супольнае жыхарства на Малой Радзіме, імя якой — Беларусь!

Вось і настаў апошні летні месяц. Мала хто, напэўна, меркаваў, што ён будзе настолькі гарачым на нашай Бацькаўшчыне. І хоць ёсць прымаўка, што пасля святой Ганны да абеду — лета, а ўвечары — восень, то сёлетняя «восень» вечарамі як ніколі гарачая.

Вуліцы і плошчы гарадоў напоўніліся гарачымі сэрцамі братоў і сёсцёр, сыноў і дачок нашай Бацькаўшчыны.

Неба заіскрылася фаерамі, а вецер панёс над блакітнымі хвалямі нашых азёр і па голых пожнях зжатай збажыны пытанне Бога, скіраванае да Беларусаў: «Дзе твой брат? Што ты зрабіў?» (пар. Быц 4, 9–10).

Мае дарагія сябры, што ж мы зрабілі, з-за чаго Бог непасрэдна звяртаецца да нас?

Што МЫ робім з сынамі і дочкамі нашай Маці-Беларусі?!

Напэўна, усе бакі адкажуць, што мы дбаем аб яе дабрабыце, аб сіле і прыгажосці Радзімы. А святы апостал Павел усіх нас, веруючых і няверуючых, дакарае: «Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста. Дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека.

Адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы — члены адзін аднаго.

Ілюстрацыйнае фота: Obozrevatel / Getty images

Гневайцеся, але не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе вашым. Усялякае ліхое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых. Усялякая горыч, раздражненне, гнеў, крык і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усялякай злосцю. Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам» (пар. Эф 4, 17–32).

Дараваць?! Так. Як? Згодна з вучэннем Езуса Хрыста і па Яго прыкладзе.

«Ці ажно сем разоў?» — пытаецца сённяшні Пётр? «Ажно семдзесят сем разоў», — і сёння адказвае Езус.

Але нават не распачынай, браце і сястра, лічыць, колькі разоў ужо прабачыў, бо лічба 77 у Евангеллі з’яўляецца сімвалам бясконцасці. А Езус пытаецца далей: «Ці ж не належала і табе злітавацца над сабратам тваім, як і Я злітаваўся над табою?» (пар. Мц 18, 21–33).

Ілюстрацыйнае фота: PAP / Grzegorz Rogiński

«Перамагай зло дабром» — гэтыя словы святога Паўла з Паслання да Рымлянаў былі дэвізам жыцця благаслаўлёнага мучаніка ксяндза Ежы Папялушкі.

Аб добрай, мірнай раніцы я малюся для цябе, Беларусь, для тваіх дачок і сыноў.

Читайте также: